ЖЛО́БІНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 15—17 ст. у г. Жлобін Гомельскай вобл. Размяшчаўся на правым беразе Дняпра. Складаўся з уласна замка (60 χ 50 м) і падзамка (130 χ 60 м), размешчанага на 1,5—2 м ніжэй за замкавы дзядзінец. Увесь комплекс узвышаўся на 3—4 м над прырэчнай жылой зонай сярэдневяковага паселішча. Ж.з. быў умацаваны земляным валам і драўлянымі сценамі-гароднямі з вежамі і брамамі. У ліп. 1654 казакі ўкр. гетмана І.Н.Залатарэнкі ўзялі штурмам і спалілі «замок Злобин». Больш познія звесткі пра Ж.з. не выяўлены.
т. 6, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)